Выстава «Суровы стыль» (з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка)


18 чэрвеня ў Мастацкай галерэі г. Полацка адкрываецца выстава «Суровы стыль» з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Прадстаўленыя ў экспазіцыі музея творы знаёмяць наведвальнікаў з адметным накірункам у выяўленчым мастацтве савецкага часу — «суровым стылем».

Перамены ў мастацтве СССР канца 1950-х — пачатку 1960-х гадоў былі сугучныя настроям новага гістарычнага этапу ў жыцці краіны. Яны звязаны з надзеямі на пабудову адкрытага грамадства, вызваленне ад ідэалагічнага кантролю, аднаўленне грамадзянскіх правоў. Новыя пакаленні мастакоў — «маладыя франтавікі і дзеці вайны» — шукалі шляхі абнаўлення стылю і вобразнасці мастацтва. Абноўленая версія савецкага мастацтва атрымала ў крытыцы назву «суровы стыль».

Яго рысамі сталі манументальны лаканізм формы, буйныя планы, вострыя кантрасты, выразныя кампазіцыйныя рытмы, кінематаграфічны эфект выхапленага з патоку жыцця кадра. Прамая актыўная накіраванасць на гледача была метафарай сучаснасці. У тэматычных пошуках мастакі звярталіся да гераічнага мінулага краіны, да ўласнай асабістай гісторыі, да звычайнай штодзённасці.

Запрашаем наведаць выставу, якая будзе дзейнічаць да 6 ліпеня 2025 года!

805