Прэзентацыя выставы мастацкіх работ Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор» «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…»


12 чэрвеня 2025 года, а 18-й гадзіне

Пасля адкрыцця тэматычнага музея ў Заслаўі, традыцыя маляваных дываноў атрымала новае дыханне. Навучэнцы студыі "Дэкор" таксама зацікавіліся гэтым відам народнага роспісу па тканіне і цэлы навучальны 2023/2024 год творча пераасэнсоўвалі, вывучалі гісторыю ўзнікнення маляванкі і асаблівасці тэхналогіі.

Работа над гэта тэмай надала новы стымул для развіцця студыі. Разглядаючы прыклады маляванак, навучэнцы натхніліся дасціпнасцю, надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю твораў. Пры стварэнні мастацка-графічнай рэканструкцыі давялося карыстацца кнігамі, артыкуламі, замалёўкамі, фотаздымкамі, рэпрадукцыямі твораў Язэпа Драздовіча.

Юныя мастакі працягваюць традыцыі, звяртаюцца да вытокаў і надаюць новае жыццё. І мастацкі праект студыі “Дэкор” добры гэтаму прыклад.

На выставе прадстаўлены стылізацыі пад маляваныя дываны з “начнымі” выявамі старажытных помнікаў архітэктуры Беларусі. А таксама партрэты Максіма Багдановіча, аўтара верша “Раманс” (“Зорка Венера”), які і даў назву выставе, і Язэпа Драздовіча, як аднаго з самых знакамітых аўтараў у тэхніцы маляваных дываноў.

Наватарства праекта ў спалучэнні пейзажнага матыву цэнтральнай часткі кампазіцыі, якія акаймаваны раслінна-геаметрычным арнаментам, элементы якога нагадваюць кветкі ці зорачкі на небе, стварае незвычайны вобраз, і выглядае як праекцыя Светабудовы, акенца ў зорным небе. А акаймаваныя арнаментальным зорам вялікія кветкі гэтых арнаментаў нагадваюць зоркі!

Выстава працуе з 12 чэрвеня па 1 жніўня 2025 года.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

тэл.: (017) 363 07 61, (017) 355 22 95

maksimbagdanovich@gmail.com

685