Музей беларускага кнігадрукавання з асаблівай пяшчотай захоўвае памяць пра айчынных пісьменнікаў, асабліва звязаных лёсам і творчасцю з Полаччынай. Выстава «Дарог у свеце многа, а ты між іх сваю знайдзі» з'яўляецца данінай памяці паэта «буйнага і няўрымслівага тэмпераменту», з дня нараджэння якога мінула ўжо 120 год. У гэтым годзе адзначаецца юбілей народнага паэта, пісьменніка, драматурга і публіцыста Петруся Усцінавіча Броўкі. Экспазіцыю выставы складаюць прадметы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка: творы і кнігі П. Броўкі, выданні, што выйшлі пад яго рэдакцыяй, фатаграфіі, якія дапоўнены прадметамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, побытавымі рэчамі савецкага часу.