З 24 чэрвеня 2025 года ў музеі «Лошыцкая сядзіба» – філіяле Музея гісторыі горада Мінска – адкрыта выстаўка «У пачатку шляху: уклад Беларусі ў стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», прымеркаваная да 80-годдзя ААН.
Беларусь, як адна з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адыграла важную ролю ў фарміраванні сучаснай сістэмы міжнародных адносін. Дэлегаты ад БССР разам з прадстаўнікамі яшчэ 50 дзяржаў стаялі ля вытокаў стварэння ААН і падпісалі Статут арганізацыі ў Сан-Францыска 26 чэрвеня 1945 года.
Беларускія прадстаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні структуры ААН, працы камісій па міжнародным праве і эканамічным супрацоўніцтве, а таксама ініцыявалі прасоўванне правоў жанчын. Іх дзейнасць вызначалася шматграннасцю і імкненнем умацаваць прынцыпы міру і супрацоўніцтва.
БССР выступіла ініцыятарам шэрагу ключавых рэзалюцый ААН і прымала ўдзел у распрацоўцы практычна ўсіх асноўных дакументаў арганізацыі, што пацвярджае яе прыхільнасць да ідэалаў бяспекі і міжнароднага ўзаемадзеяння.
На выстаўцы, прысвечанай 80-годдзю ААН, прадстаўлены ўнікальныя архіўныя матэрыялы, якія раскрываюць першыя дзесяцігоддзі працы беларускіх дэлегатаў у міжнароднай арганізацыі. Фотаздымкі 1945–1987 гадоў адлюстроўваюць не толькі ўрачыстыя моманты, але і напружаную штодзённую працу беларускіх прадстаўнікоў у камітэтах і камісіях.
Запрашаем наведаць выставу і дакрануцца да важнай старонкі гісторыі Беларусі на міжнароднай арэне!