У Мастацкай галерэі з 25 красавіка 2025 года працуе выстава «Паплаўскія: Георгій, Наталля, Кацярына. Графіка. З цыкла „Знаёмства з калекцыямі“».
Імя славутага майстра графічнага мастацтва Георгія Паплаўскага шырока вядома на беларускай і постсавецкай прасторы. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў працаваў у галіне станковага мастацтва і кніжнай графікі. Мастак шырокага дыяпазону, які выдатна валодаў тэхнікамі лінагравюры, літаграфіі, афорта, сухой іголкі, малюнка пяром. Паплаўскі з'яўляецца адным з самых знакамітых і заслужаных беларускіх графікаў і жывапісцаў, росквіт яго творчасці прыйшоўся на 1960-я — 1980-я гады. Мастак стаў вядомым дзякуючы такім графічным працам, як «Памяць» (1968), «Браслаўшчына — край азёрны» (1971-1998), «Камандзіры» (1973), «Мора Берынга» (1979), «Час доўгіх нажоў» (1982), «Чарнобыль. Дрэвы нерухомыя» (1987). Георгій Паплаўскі праілюстраваў вялікую колькасць кніг з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова і інш.
Георгій Паплаўскі стаў адным з першых мастакоў, які абазначыў новы напрамак у мастацтве Беларусі — так званы «суровы стыль». Віртуозна валодаючы графічнымі тэхнікамі, мастак стварыў шэраг твораў, у якіх паказаў навакольны свет такім, якім яго бачыў і адчуваў.
Шмат для якіх творцаў сям’я была галоўнай падтрымкай. Георгію Паплаўскаму пашанцавала з таленавітымі жанчынамі — жонкай Наталляй і дачкой Кацярынай.
Наталля Паплаўская плённа працавала ў галіне станковай і кніжнай графікі. Мастачка праілюстравала цэлы шэраг беларускіх кніг для дзяцей, у тым ліку беларускія народныя казкі, казкі Шарля Пэро, Вільгельма Гаўфа, Рэдзьярда Кіплінга, Астрыд Ліндгрэн. З 1956 года пачала браць удзел у мастацкіх выставах. Для яе твораў характэрна вытанчанае пачуццё стылю, творчая фантазія, казачна-паэтычная інтэрпрэтацыя прыроды і народнага жыцця. Звяртанне мастачкі да традыцый нацыянальнай культуры, цікавасць да гісторыі і этнаграфіі знайшлі адлюстраванне ў яркай метафарычнасці, асаблівай цеплыні і эмацыянальнай напоўненасці твораў.
Кацярына Паплаўская не толькі па нараджэнні, але і па ладзе жыцця, мысленні не магла быць нікім іншым, як творчым чалавекам. Скончыўшы ў 1976 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (БДТМІ), аддзяленне керамікі і шкла, Кацярына пачала актыўна ўдзельнічаць у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах. На пачатку творчасці, у 1970-1980-я гады, у яе абудзілася цікавасць да інтэр'еру, дызайну, помнікаў гісторыі і культуры. У гэты час яна стварыла серыі літаграфій «Інтэр'еры», «Помнікі Беларусі», серыю афортаў «Новы Мінск», маляўнічыя пейзажы і нацюрморты. Кацярына Паплаўская — мастак-кераміст, жывапісец і графік, у кожнай працы выкарыстоўвае свае замалёўкі, накіды. Усё гэта дазваляе ёй ствараць запамінальныя сучасныя вобразы, напоўненыя высокім эмацыйным зместам.
Запрашаем вас наведаць выставу, якая будзе дзейнічаць да 25 красавіка 2026 года.