Выстава «Радасць — імя вечнае» складаецца з прадметаў музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і прысвячаецца вобразу святой Еўфрасінні ў мастацтве.
У экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу, графічныя аркушы, скульптуры, якія былі створаны мастакамі, натхнёнымі вобразам беларускай асветніцы. Прападобная Еўфрасіння стаяла ля вытокаў матэрыяльнага ўвасаблення духоўнай спадчыны і агульначалавечых каштоўнасцяў. Яна рабіла гэта шляхам перапісвання і перакладу богаслужбовых кніг, будаўніцтва храмаў і стварэння іканаграфічных праграм для ўпрыгожвання цэркваў і зацвярджэння хрысціянства. Створаныя з удзелам святой Еўфрасінні шэдэўры архітэктуры, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сталі матэрыяльным увасабленнем духоўнай спадчыны асветніцы і яе часу.
Культурныя дасягненні Еўфрасінні Полацкай паўплывалі і на духоўнае развіццё іншых краін і народаў.
Імя Еўфрасіння паходзіць ад старажытнагрэчаскага слова «эўфрасіна», што азначае «радасць».
Выстава будзе дзейнічаць з 30 мая па 6 ліпеня 2025 года. Запрашаем!