У 2018 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва быў уключаны найбуйнейшы ў Беларусі фестываль пілігрымаў – «Будслаўскі фэст» (Мядзельскі раён), заснаваны ў гонар старажытнага свята шанавання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Перад фэстам ідзе масавая пілігрымка ў першую пятніцу і суботу ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. Традыцыя здзяйсняць падарожжа да Будслаўскай іконы Маці Божай ужо доўгі час перадаецца з пакалення ў пакаленне. Больш за чатыры стагоддзі паломнікі з розных гарадоў і краін прыходзяць у Будслаў, каб пакланіцца цудатворнаму абразу. Дадзеная традыцыя не перарвалася нават у другой палове ХХ стагоддзя, у савецкі час, калі Будслаўскі храм не функцыянаваў. Адным з самых прыгожых момантаў свята з'яўляецца вячэрняя служба і працэсія са свечкамі ў цемры. У час працэсіі тысячы вернікаў запальваюць свечкі і здзяйсняюць хрэсны ход услед за копіяй Будслаўскай іконы Маці Божай.