
Выстава карцін "Кветкавы рай" беларускай мастачкі Ядвігі Сенько адкрылася ў Доме-музеі Адама Міцкевіча.
Ядвіга Сенько атрымала асаблівую папулярнасць у жанры царкоўнага жывапісу. Па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта яна пачала пісаць спісы з усіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў. За сваё творчае жыццё мастачка напісала больш за 2 тысячы ікон і карцін на хрысціянскую тэму. Іх можна ўбачыць не толькі ў духоўных мясцінах Беларусі, але і за межамі краіны на шматлікіх выставах.
Ядвіга Сенько працуе таксама ў жанры пейзажа і нацюрморта. Працы, якія прадстаўлены на выставе "Кветкавы рай" - гэта эксперымент, які паказвае, што яна ўмее пісаць не толькі пра веру. Мастачкай напісана каля 600 кветкавых кампазіцый і пейзажаў. Асноўная ідэя выставы заключаецца ў тым, каб паказаць разнастайнасць и маляўнічасць кветкавага свету. Кветкі - гэта не толькі сімвал прыгажосці, але і глыбокая крыніца натхнення для мастакоў.
Акуніцеся ў свет кветкавага чараўніцтва! Будзем рады бачыць кожнага наведвальніка ў галерэі музея!