ЮБІЛЕЙ МУЗЕЯ БІТВЫ ЗА ДНЕПР


9 траўня 2020 годзе спаўняецца 35 гадоў з адкрыцця музея.

Згодна з рашэннем ЦК КПБ ад 17 кастрычніка 1983 года загадам Міністэрства культуры БССР ад 7 жніўня 1984 года № 141 у рамках падрыхтоўкі да азнаменавання 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая 1985 года у г.п. Лоеве быў адкрыты філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — Музей бітвы за Днепр.

У 1991 годзе музей быў перададзены на баланс Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці. Рашэннем Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта ад 25 верасня 2012 года № 723 Музей бітвы за Днепр прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці дзяржаўнай установы культуры “Музей бітвы за Днепр”.

Хаця музей і мае “мілітарысцкую” назву і ваенна-гістарычны профіль, аднак ён — музей антываенны з ваеннай экспазіцыяй.

У рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю музея, на 2020 год запланаваныя выставы, акцыі, кінапрагляды, творчыя сустрэчы са знакамітымі лаяўцамі... Мы паспрабуем распавесці не толькі пра ваенныя старонкі гісторыі — гісторыі Другой сусветнай вайны, — але і пра жыццё простых лаяўцоў у той нялёгкі ваенны час, а таксама пра гісторыю Лоеўскага краю, дый пра сам музей і яго станаўленне мы таксама раскажам.

Прыходзьце ў госці — заўсёды з радасцю чакаем на вас.

 

У рамках святочных мерапрыемстваў ужо адбыліся:

10 студзеня 2020 года — творчая вечарына да 90-х угодак з дня нараджэння лоеўскага паэта і культурнага дзеяча Івана Лямешкі, а таксама адкрыццё мемарыяльнай выставы, прысвечанай жыццю і творчасці паэта.

26 студзеня 2020 года — прагляд кінастужкі “Да світання. Штэфан Цвайг у Амерыцы” (2016) у рамках адкрыцця выставачнага праекта "ЛОЕЎСКІ ІЗКОР. Дакументальная выстава "Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць".

26 студзеня 2020 года — адкрыццё выставачнага праекта "ЛОЕЎСКІ ІЗКОР. Дакументальная выстава "Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць". 

Больш інфармацыі пра выставачны праект "Лоеўскі ізкор" і кінапрагляд тут.

22 лютага 2020 года — Творчая сустрэча з лоеўскім паэтам, педагогам, краязнаўцам, старшынём раённага клуба аматараў паэзіі “Гучальнае  слова” Алесем Кукарам.