Выстава "Памяць душы маёй"

24 студзеня 2012г. у Літаратурным музеі Петруся Броўкі адкрылася выстава “Памяць душы маёй”, на якой прадстаўлены самаробныя лялькі, выкананыя ў розных тэхніках таленавітымі майстрамі нашай краіны.

У беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, у ляльку быў закладзены пэўны сэнс. Кожная з іх павінна была несці чалавеку нешта добрае, светлае, берагчы ад хвароб і няшчасця.

На выставе прадстаўлены абрадавыя, міфалагічныя лялькі, лялькі-абярэгі, гульнёвыя лялькі і лялькі, зробленыя ў традыцыйным беларускім народным стылі. Гэтыя цудоўныя творы мастацтва выкананы з тэкстылю, пластыку, керамікі, воўны, пап’е-машэ і іншых матэрыялаў. У кожнай з іх – свая гісторыя стварэння, свая душа, свая непаўторная энергетыка. Лялькі зроблены рукамі майстра з такой цеплынёй, дабрынёй, пяшчотай і любоўю, што ўсе гэтыя пачуцці адразу перадаюцца кожнаму наведвальніку выставы.

Творы майстроў здзіўляюць разнастайнасцю форм, багаццем фантазіі, арыгінальнасцю выканання, майстэрствам увасаблення эстэтычных густаў народа і нацыянальных традыцый.

Выстава дае цудоўную магчымасць адчуць непарыўную сувязь мінулага з сучаснасцю і будучыняй.

311