Выстаўка "Сцэнічная прастора"

З 20 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь будзе працаваць выстаўка творчасці мастака Любові Сідзельнікавай “Сцэнічная прастора”

Любоў Акцябрынаўна Сідзельнікава нарадзілася у Мінску, скончыла мастацкае вучылішча імя Я. Глебава (1987 г.), Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “тэатральна-дэкаратыўны жывапіс” (1994 г.). Галоўны мастак-пастаноўшчык Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (2007 – 2010 гг.).
Як мастак-пастаноўшчык працавала таксама ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Сербскім народным тэатры ў г. Новы Сад. Любоў Акцябрынаўна з’яўляецца мастаком-пастаноўшчыкам канцэртных праграм, юбілеяў, тэатралізаваных гала-канцэртаў, творчых вечароў.
Любоў Сідзельнікава – член Беларускага саюза мастакоў, пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх выставак.
На выстаўцы прадстаўлены эскізы дэкарацый, макеты і касцюмы, створаныя з 1995 па 2011 гады, да спектакляў: “Чорны квадрат” (1997 г.) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі; “Карлік Нос” (1997 г.), “Восеньская саната” (2000 г.) у Беларускім акадэмічным тэатры імя Я.Купалы; “Горад Майстроў” (2003 г.), “Марная засцярога” (2003 г.), “Кашчэй Бессмяротны” (2008 г.) у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета РБ; “Пікавая Дама” (2011 г.) у Сербскім народным тэатры; “Баль кветак” (2008 г.), “Прывітанне, Брадвей” (2010 г.), “Бабскі бунт” (2009 г.), “Мая жонка-падманшчыца” (2010 г.), “Званочак” (2011 г.), “Шлягеры неапалітанскага квартала”(2011 г.), “Чароўная лямпа Аладдзіна” (2011 г.), “Шчаўкунчык” (2011 г.) у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Адкрыццё выстаўкі адбудзецца ў музеі 20 студзеня а 16-й гадзіне. У адкрыцці выстаўкі прымуць удзел калегі Любові Сідзельнікавай – мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч і артысты тэатра Кацярына Дзегцярова, Ганна Бяляева і Арцём Хамічонак.

294