Выстаўка “І прыгажосць снарадамі знявечыла вайна”, Заслаўе

6 мая адбылося ганаровае адкрыццё выстаўкі, прысвечанай святкаванню 65-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Паэтычным радком франтавіка і паэта Булата Акуджавы адкрывае выстаўку, прысвечаную святкаванню 65-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе".
На выстаўцы прадстаўлены творы тыражнай графікі беларускіх мастакоў са збору
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
ХХ стагодзе пакінула нам як страшэнныя злачынствы і выпрабаванні, большыя за тыя, што пабачыла старажытнасць, так і ўсвядомленае ўяўленне пра пакаянне і мацнейшую жывучасць нашых продкаў.
“Бо толькі той у нявіннасці можа чыніць вялікае, хто ў загане можа зносіць цяжкія пакуты”, – пісаў Генрых Жавускі.

Беларускія графікі неаднаразова звярталіся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны у сваёй творчасці, тым больш, что некаторыя з іх прайшлі дарогамі вайны, змяніўшы пэндзлі і разцы на аўтаматы і штыкі. Яны не пакідалі па-за ўвагай перамогі і паражэнні, і звярталіся ў сваіх думках і праявах да людзей і месцаў, па якіх вайна прайшлася
“салдацкім ботам”.
Горад Заслаўе пад час вайны быў практычна спустошаны. Таталітарные прэтэнзіі Германіі прынеслі незлічоныя бедствы карэннаму насельніцтву края. Старажытны ”сімвал дзяржаўнасці” трансфармуецца ў рэчавыя абломкі пазіцыйных баёў, якія паўстаюць з замалёвак Дучыца Мікалая Васільевіча "Сляды вайны каля Заслаўя".
Пяць афортаў з графічных серый "Блакада" і "Партызаны" Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча узбагачаюць уяўленне пра цяжкасці выгнання. Непарыўнае кола твараў тых, хто ваяваў і застаўся тут, хто адчуў на сабе ўсе жахі акупацыі.
Імя Васіля Быкава і яго бяссмяротныя літаратурныя творы заўжды натхнялі мастакоў, у тым ліку
Паплаўскага Георгія Геогіевіча і Немагая Іллю Уладзіміравіча. На выстаўцы экспануюцца літаграфіі на тэмы такіх аповесцяў, як "Воўчая зграя", "Сотнікаў", "Знак бяды", "Дажыць да світання".
Яны ўводзяць нас у прастору мастацкага пазнання трагічнага ваеннага мінулага.
Сімвалічнай кропкай экспазіцыйнага паказу стала аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя з рэальных прадметаў – сапраўдных сведак Вялікай вайны. Каска салдата чырвонай арміі, штык, гільза гарматы, плашч-намёт, патроны і г.д.
Завяршае экспазіцыйны шэраг афорт на каляровай паперы Дурчына Пятра Сідаравіча "Звязда бяссмяротнасці".
У крававых вотблесках ваенных зарніц – ідэя руху, зменлівага, але ў дакладна вызначаным кірунку.
Памяць нашчадкаў з удзячнасцю за пакінутую ім мірную спадчыну
звычайна робіць гісторыяй імёны тых, каго ўжо няма.
"Калі ж устанеш прысягнуць усім, хто не вярнуўся з бою, - ты не шукай іх за спіною, яны наперадзе ідуць".

2059