Аснову экспазіцыі складае калекцыя, распрацаваная на аснове традыцыйнага шыйнага ўпрыгожвання — гарлячкі, якое было характэрна для рэгіёнаў Гомельшчыны. Зараз гарлячкі набываюць папулярнасць, іх носяць не толькі з традыцыйнымі строямі на адмысловых мерапрыемствах, але і з сучаснымі строямі. Вырабы Веры Занкевіч па матывах гарлячак, прадстаўленыя на выставе — гэта творчая інтэрпрэтацыя аўтэнтычных упрыгожванняў, каўнерыкі і чокеры, выкананыя ў старажытнай тэхніцы нізання, а таксама ўпрыгожванні з арнаментамі тканых і вышываных вырабаў. Таксама на выставе прадстаўленая рэканструкцыя гарлячкі да Брагінскага строя Гомельскай вобласці.
Акрамя гарлячак на выставе дэманструюцца герданы з калекцыі “Па матывах ткацтва”. Гердан — гэта старажытнае нагруднае ўпрыгожванне. Арнаменты для герданаў узяты з традыцыйных беларускіх посцілак і дываноў, гэта шматколерныя кампазіцыі на чорным фоне з геаметрычным ці раслінным арнаментам, матыў вазона з кветкамі. У некаторых герданах колькасць адценняў бісеру дасягае дзесяці. Герданы сплеценыя ў тэхніцы ручнога бісернага ткацтва, калекцыя стваралася ў перыяд з 2018 па 2023.
Таксама прадстаўлены герданы з арнаментамі, якія вышываліся на традыцыйных беларускіх строях, калекцыя бісерных торбачак і вялікодныя яйкі на драўлянай аснове, аплеценыя бісерам.
Выстава прысвячаецца маці Веры, якая жыла ў Заслаўі з маленства…
Экспазіцыя працуе з 27 лютага 2024.
Музейна-выставачны комплекс Гісторыка-культурнага музея-
запаведніка “Заслаўе” (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе).
Час працы: 9/00 – 17/30, штодня, апрача панядзелка.
тэл.: +375–17–5177611
e-mail: gkmz@zaslaue.by