Выстава, прысвечаная 5-годдзю НЦСМ


1 кастрычніка 2020 года а 17:00 ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адбудзецца афіцыйнае адкрыццё выставы, прысвечанай 5-годдзю Цэнтра.
 
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь быў заснаваны 1 кастрычніка 2015 года шляхам зліцця Цэнтра сучасных мастацтваў і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Новы выставачны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь - гэта своеасаблівая рэтраспектыва дзейнасці цэнтра: гледачы ўбачаць фатаграфіі былых экспазіцый, перададзеныя мастакамі ў нашыя фонды творы, плакаты, каталогі, тэксты. Гэта канцэнтрацыя мастацкіх выказванняў, ідэй і сэнсаў, якія яны транслявалі ў залах НЦСМ. Гэта гісторыя ўзаемадзеяння гледача і мастацтва. Гісторыя Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Таксама ў экспазіцыі юбілейнай выставы рэпрэзентаваны буйныя міжнародныя праекты НЦСМ, рэалізаваныя пры падтрымцы пасольстваў Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Літвы, Гішпаніі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі і Японіі.

Гісторыя Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь налічвае значна больш гадоў. У свой час тут існавалі Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры на вул. Някрасава, 3 пад кіраўніцтвам легендарнага мастака Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі, у тым ліку, прадстаўленыя малавядомыя карціны Міхаіла Савіцкага і фотаздымкі з часоў Творчых майстэрняў.

Сёння Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь - буйнейшая дзяржаўная ўстанова культуры, якая вядзе актыўную работу па вывучэнню, экспанаванню і папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў выказвае падзяку мастакам, якія супрацоўнічалі з намі на працягу першых 5 гадоў. Мы ўдзячныя гледачам, якія робяць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў вельмі эмацыянальным. Нарэшце, НЦСМ выказвае падзяку ўсім сваім партнёрам, якія давяраюць нам і па-сапраўднаму шануюць мастацтва.
 
Прадстаўнікоў прэсы запрашаем у 16: 00.

Выставачны праект можна ўбачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на вул. Някрасава, 3 да 15 лістапада.

Кошт квіткоў: 5 р. / 2 р. (агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы выставы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Інфармацыя, запіс на экскурсіі:
+375 (17) 235-03-32, +375 (17) 399-09-79

336