Найбольш цікавыя музейныя прадметы. Частка 11. Прыстасаванні для апрацоўкі лёну

Яшчэ напрыканцы 19 – пачатку 20 стагоддзя ўся сялянская праца была ручная. Гэта тычыцца і працы ў полі, пасеву і збору ўраджаю, ткацтва, ганчарства, і г.д. Таму натуральна, што жанчыны, дзяўчыны, у адрозненні ад нашага пакалення, не хадзілі ў краму па гатовыя вырабы з тканіны, але рабілі гэта сваімі рукамі.

Трэба адразу адзначыць, што праца пачыналася яшчэ задоўга да таго часу, калі жанчына сядала за ткацкі станок. Напачатку, рана ўвесну, селянін араў зямлю і сеяў лён. Калі прыходзіла пара, гаспадар прыбіраў лён з поля. Ад таго моманту лёну краналіся толькі жаночыя рукі. Гаспадыня напачатку малаціла яго доўга прачом, каб усё насенне высыпалася з расліны. З іх выціскалі алей. Пасля гаспадыня мачыла лён, каб ён стаў мякчэйшым. Потым яго сушылі, ламалі і церлі церніцай, каб аддзяліць цвёрдую кастрыцу (здраўнелыя часткі сцябла) ад мяккага валакна. Кастрыцу таксама выбівалі драўлянай трапалкай і вычэсвалі вялікай шчоткай, якая замест шчаціння мела вялікія цвікі. І вось толькі з атрыманых валокнаў (кужаль) гаспадыня на калаўротку прала ніткі. А доўгімі цёмнымі вечарамі ткала з нітак палатно, з якога потым рабілі ручнікі, дываны, шылі адзенне.

Цікавы факт! Назва месяца «кастрычнік» паходзіць ад слова «кастрыца». Адсюль і прымаўка «Кастрычніку цярніцай баба з лёну кастру рве».

Прапануем таксама паглядзець фрагмент з фільму "Кола часу":

1010