Музейная акцыя да Міжнароднага дня роднай мовы «Урок у музеі»

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

ПРЭС-РЭЛІЗ

Музейная акцыя да Міжнароднага дня роднай мовы “Урок у музеі”

21 лютага 2024 года а 13 гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы “Урок у музеі”.

Мова — душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Міжнародны дзень роднай мовы ‒ свята, якое з 2000 г. адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Народны паэт Беларусі Якуб Колас − адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і новай беларускай літаратуры. За некалькі месяцаў да смерці паэт напісаў свой знакаміты ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы, дзе адзначыў: “Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў”.

Удзельнікі музейнай акцыі “Урок у музеі” павінны будуць напісаць дыктоўку па творах Якуба Коласа і здагадацца, з якога твора ўзяты ўрывак. Акрамя таго, кожны з удзельнікаў атрымае магчымасць паспрабаць свае веды па жыцці і творчасці Якуба Коласа, а таксама беларускай мове і літаратуры ў інтэрактыўнай “Гульні ў словы”.

А ў 14 гадзін адбудзецца творчая сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам Генадзем Аўласенкам. Удзельнікі, якія напішуць дыктоўку на дзесяць балаў і будуць актыўна ўдзельнічаць у свяце, атрымаюць памятныя сувеніры ад музея.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 270-17-02

148