Ваколіцы Навагрудка. Частка 3. Касцёл Святога Казіміра, Уселюб

Навагрудчына – край легенд і песень, край сівой даўніны і ўзнёслай паэзіі. Горад Міндоўга, у першую чаргу, вабіць да сябе вандроўнікаў сваім Замкам і постацю генія паэзіі Адама Міцкевіча.

Калі ж паглыбіцца ў гісторыю першай сталіцы ВКЛ, стане зразумела, што жыццё віравала і кіпела не толькі ў велічным Наваградку, але і ў ягоных ваколіцах.

Таму, сёння мы перанясемся ва Уселюб – у мястэчка на рацэ Плісе. Менавіта там знаходзіцца адна з найбольш старажытных каталіцкіх святынь Вялікага княства Літоўскага. Гаворка ідзе пра гатычны касцёл Святога Казіміра, з’яўленне якога ў першую чаргу звязана з пашырэннем каталіцкіх уплываў у ВКЛ.

З вядомых на сённяшні дзень на тэрыторыі сучаснай Беларусі помнікаў мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва найбольш раннім узорам готыкі з’яўляецца ў сваёй аўтэнтычнай аснове менавіта касцёл Св.Казіміра. Храм, верагодна, пабудаваны па фундацыі Яна Неміры (канюшага пры вялікім князе Вітаўце) у гонар свайго нябеснага патрона.

Пабудаваны касцёл да 1433 г. Раней перад храмам стаяла 8-гранная 2-ярусная званіца з трыма званамі: «вялікім, сярэднім і малым»; у бутавай агароджы знаходзілася брама, таксама была крыпта.

За сваю больш чым 500-гадовую гісторыю храм перанёс значныя перабудовы. Да больш маштабных змяненняў адносяць перыяд, калі гатычны касцёл быў перажагнаны ў кальвінісцкі збор. Да спісу такіх перабудоў таксама адносіцца і трох’ярусная вежа-званіца, якую ў 1897 годзе дабудавалі да галоўнага фасада храма.

Касцёл некалькі разоў змяняў назву. У 1642 годзе ён быў асвечаны ў імя Святога Казіміра, затым у некаторых крыніцах называецца таксама «Касцёлам Узвіжання Святога Крыжа» і «Касцёлам Святога Яна Хрысціцеля». Сёння храм афіцыйна называецца імем Святога Казіміра.

Калі будзеце на Наваградчыне, не абмініце мястэчка Уселюб!

156