"Пасланне". Юбілейная выстава Алеся Мары.


З 25 верасня ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працуе выстава, падрыхтаваная да 80-гадовага юбілею мастака і педагога Аляксея Антонавіча Марачкіна (творчы псеўданім – Алесь Мара).

Экспазіцыя выставы дазваляе прасачыць за працэсам творчага шляху мастака ад студэнцкіх работ да тэматычных карцін, многія з якіх ужо сталі класікай беларускага жывапісу. Пэндзлю Алеся Мары належаць палотны «Палеская мадонна», «Маці Божая ахвяр Чарнобыля», партрэты Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, Францыска Скарыны, Язэпа Драздовіча, а таксама мноства лірычных кампазіцый: "Квецень лугавая", "Зіма", "Журавіны" і іншыя. Вобразнае мысленне мастака распасціраецца на касмічныя светы, фантазійныя ўспаміны з дзяцінства, уяўленні мастака аб духоўным адраджэнні гісторыі роднай зямлі і адлюстраванне чыста чалавечых перажыванняў, без якіх душа мастака застаецца пустой. Яго думкі на палотнах з назвамі "Кветка Ірына", "Сцяна маўчання", "Перспектывы белага колеру", "Планета "М", "Мелодыя перакуленага неба", "Нябесныя бегі Язэпа Драздовіча", "Пасланне" і мностве іншых.

Ён адклікаецца публіцыстыкай і на палітычныя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне. Але было б несправядліва казаць, што ўсе творы Алеся Мары працятыя толькі сацыяльнымі праблемамі. Мастак зачараваны асаблівай прыгажосцю нашай зямлі. З любоўю напісаны ім краявіды яго малой радзімы, а таксама экзатычных куткоў краін, дзе ён бывае на пленэрах. Ён прайшоў па слядах Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую спадчыну. Творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на мастака не толькі з пункту гледжання мастацкіх адкрыццяў, але і як на чалавека, грамадзяніна сваёй краіны.

Каб даведацца ўсё больш падрабязна, варта наведаць выставу самім, бо як кажуць: "Лепш адзін раз убачыць, чым сто — пачуць".

Чакаем вас у Мастацкай галерэі па адрасе: вул. Стралецкая 4А-4.

296