Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 5. Янка Брыль

Янка Антонавіч Брыль - нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка. Бацька Янкі, Антон Данілавіч, паходзіў з вёскі Загор’е, што на Навагрудчыне. У 1922 годзе сям’я Брылёў вяртаецца на радзіму бацькі.

Тут, на Навагрудчыне, Янка Брыль спачатку скончыў польскую сямігодку ў вёсцы Турэц. Потым паступіў у Навагрудскую гімназію, але з-за фінансавых абставін хлопец не змог працягнуць вучобу, і таму займаўся самаадукацыяй.
Літаратурны дэбют Янкі Брыля адбыўся ў часопісе “Шлях моладзі” ў 1938 годзе. Акрамя таго, малады Янка Брыль стварыў у сваёй вёсцы драматычны гурток, ставіў спектаклі, рабіў для тэатральнага рэпертуару пераклады рускіх і польскіх пісьменнікаў.

У 1939 годзе Янку Брыля прызвалі ў польскую армію, у марскую пяхоту. З верасня 1939 года і да восені 1941 года ён знаходзіўся ў нямецкім палоне. Але здолеў уцячы і далучыцца да партызанскага атрада на сваёй малой радзіме.

Пасля вайны Янка Брыль напачатку працаваў рэдактарам раённай газеты ў Міры, а потым пераехаў у Мінск, дзе працаваў у рэдакцыі часопісаў “Вожык”, “Маладосць”, “Полымя”, і г.д.

Акрамя пісьменніцкага таленту Янка Брыль меў і талент перакладчыка з польскай, украінскай і расейскай моў. Так, напрыклад, ён перакладаў творы Э.Ажэшкі, Л.Талстога, А.Даўжэнкі, А,Чэхава, Б.Пруса і інш. Творы Янкі Брыля таксама былі перакладзеныя на шматлікія мовы.

Сярод іншых Я.Брылю было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі, Ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Янка Брыль скончыў свой зямны шлях 25 ліпеня 2006 года. Пахаваны на могілках у Калодзішчах пад Мінскам.

176